Разделы сайта

Главная

Архив новостей

21.02.2026

Скарб роднай мовы: ведай сваё. Краязнаўцы і турысты адзначылі 21 лютага

Скарб роднай мовы: як краязнаўцы і турысты адзначылі 21 лютага

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята — выдатная нагода яшчэ раз звярнуцца да сваіх каранёў, адчуць смак беларускага слова і даведацца больш пра нашу спадчыну. Нашы краязнаўцы і турысты не засталіся ў баку і правялі гэты дзень актыўна, пазнавальна і па-беларуску!

Для хлопцаў і дзяўчат была падрыхтавана насычаная інтэрактыўная праграма «Ведай сваё». Свята пачалося з інтэлектуальных размінак: удзельнікі наперабой называлі беларускія словы на абраныя тэмы, дэманструючы багаты слоўны запас. Сапраўдны азарт выклікаў конкурс «Слова з неспадзеўкай»: у яйках ад «кіндэр-сюрпрызаў» былі схаваныя словы, з якіх камандам трэба было хутка скласці сказы.

Музычная хвілінка дадала драйву — танцавальны батл пад родныя рытмы вызначыў самую артыстычную каманду. Энергія і ўсмешкі сведчылі: беларуская музыка — гэта модна і сучасна!

Самай інтрыгуючай часткай дня стаў квэст-пошук. Атрымаўшы «Ліст падарожніка», каманды адправіліся на пошукі кюар-кодаў. Тэмай гэтага этапу сталі беларускія народныя промыслы. Удзельнікі не проста шукалі коды, але і адгадвалі загадкі пра ганчарства, ткацтва, саломапляценне. За кожны правільны адказ каманды атрымлівалі літары, з якіх у выніку склалі галоўнае слова дня — «СКАРБ». І сапраўды, мова — гэта наш галоўны нематэрыяльны скарб.

Завяршылася свята ў цёплай і сяброўскай атмасферы за кубкам духмянай гарбаты.

Дзень роднай мовы паказаў, што вывучаць сваё — гэта не толькі карысна, але  і вельмі весела. Любіце, шануйце і ведайце сваё!